[1] Чароўны свет : з беларускіх міфаў, паданняў і казак. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2008. - 215, [1] с.

Ва ўяўленнях беларусаў Ваўкалак — гэта чалавек, ператвораны ў ваўка. З даўніх часоў, кажуць, такое ператварэнне аднаго чалавека ці групы людзей можа адбыцца па волі чараўніка. Чалавек можа выпадкова зрабіцца пярэваратнем з прычыны свайго ж пракляцця. Вядома паданне, калі гаспадар, будуючы хлеў, тройчы секануў па парозе і, маючы на ўвазе злодзея, прамовіў заклінанне: «Хто пераступіць гэтае месца, той скінецца ваўком на ўсё жыццё!» Але, забыўшыся, сам пераступіў парог і ператварыўся ў Ваўкалака. У сваіх паводзінах Ваўкалакі значна адрозніваюцца ад сапраўдных ваўкоў: выючы, яны нібы жаласна плачуць ці стогнуць; галадаючы, не будуць есці, як ваўкі, сырое мяса, здыхляціну, а стануць падбіраць людскія недаедкі, косткі, кавалкі скураной вупражы. Найбольш у іх праяўляюцца людскія звычкі: раніцай яны мыюць свае морды, водзячы імі па роснай траве; вясною, нібы на ворыве, корпаюцца ў раллі; думаюць і перажываюць, як людзі, і гэтак жа пакутуюць. Калі чары заканчваюцца, Ваўкалак зноў становіцца чалавекам. Лічыцца, што Ваўкалаку можна дапамгчы хутчэй стаць чалавекам. Дзеля гэтага трэбы кінуць на яго свае пояс або разадраную кашулю, накрыць абрусам, на якім асвячалі велікодную ежу, парваць ільняную нітку, пад якой Ваўкалак прабег, і іншае. [1]

ВАЎКАЛАК

 Вяртаўся я праз лес дахаты, а насустрач  — незнаёмец. Ды такі крывы, што не выказаць словамі: касавокі, гарбаты, ажно глядзець страшна. Хацеў я збочыць, але няма куды — навокал гушчар. Прывіталіся мы, спыніліся. Слова за слова — разгаварыліся.

— Скажы, чалавеча, што за хвароба цябе знявечыла? — не вытрываў, спытаўся я.

— Воўчая шкура, браце, — адказаў незнаёмец.

— Няўжо ты ваўкалакам быў?

— А як жа, давялося!

Пачаставаў я небараку тытунём, а пакуль мы пыхкалі люлькамі, ён расказаў пра сваю прыгодку.

— Пацякло маё старое гумно. Прынёс я свежых снапоў, палез на страху. Пакуль латаў дзіркі, адзін сноп зваліўся ў гарод суседкі, якую звалі чараўніцай. Прыбегла яна, нарабіла крэчу: «Ты мае памідоры паламаў!» — «Хіба я хацеў? — адказаў дурніцы. — Падавай у суд, нічога не адсудзіш…» — «Я сама табе прысуджу!» — прыгразіла яна. Праз месяц паехаў я па дровы. Ладны воз нагрузіў, па дарозе назад прытаміўся мой гнеды. Выпраг я каня, каб трохі паскуб травы, а самога такая нуда ўзяла, хоць ты завый. І раптам захацелася праз хамут пралезці. Толькі я пралез — перакінуўся ў ваўкалака. Тры гады бегаў адзін, а на чацвёрты год ваўкі прынялі мяне ў зграю. Аддаў нам апостал Юры на спажыву кульгавага каня. Доўга мы яго шукалі, іншай жыўнасці не чапалі, затое потым цэлы тыдзень піравалі. А як зноў прагаладаліся, ваўкі паслалі мяне па здабычу. Схапіў я на балоце чорную авечку, павалок у хмызняк. «Злодзей!.. Злодзей!..» — нарабіў лямант пастух. Я спыніўся — ні туды ні сюды. «Хутчэй уцякай!» — крычаць мне ваўкі, а я кручуся, як прывязаны. «Аддай кажух!» — падбег пастух і сцебануў дванаццаць разоў пугай. Воўчая шкура спаўзла, і я зноў стаў чалавекам, але такім вось крывым і страхалюдным.

 [2]

[2] Сіні калодзеж. Сто беларускіх легенд і паданняў : зборнік / пераклад У. Ягоўдзік ; [ілюстрацыі Ю. Шаціла ; дызайнер В. Ягоўдзік]. — Мінск : Выдавец М.Ягоўдзік, 2012. — С. 66-69.