kypalinka
[1] Дзе Купала начавала : народныя песні, калыханкі, прыказкі і прымаўкі / [укладальнік А. С. Масла ; мастак Г. Сілівончык ; дызайнер А.Яцук]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2012. - 85 с.

Купалінка — жаночы вобраз, галоўны персанаж купальскіх песень і дзеючая асоба народных святкаванняў у гонар летняга сонцастаяння, росквіту прыроды, пладароддзя зямлі. Вобраз Куалінкі ўяўляецца маладой вясёлай дзяўчынай або жанчынай з дзецьмі. [2]

[2] Беларускі фальклор : энцыклапедыя / галоўны рэдактар Г. П. Пашкоў : Т. 1 : А — К . — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2005 . — Мінск, 2005. — С. 753.

КУПАЛІНКА

 

Купальская ноч чорным крылом ахінула наваколле. Прытомленыя збіраннем гаючых зёлак, танцамі, скокамі праз вогнішча, збіліся ў гурт хлопцы і дзяўчаты. Развязалі вузельчыкі, дасталі з іх ежу, дамашняе віно. Пачуліся смех, жарты, добразычлівыя кпіны.

Толькі чорнабрываму Івану нявесела. Сядзіць адзінока ўбаку ад сябрукоў, думу думае. А дума тая горкая: вечар цёплы, а сэрца халодзіць. Няма ў Івана сяброўкі. Дзяўчат навокал многа, толькі ні адна з іх не прыглянулася хлопцу. Тры вянкі кінулі яму вясковыя прыгажуні з надзеяй, што разарве Іван адзін з іх і тым самым заявіць аб сваім праве на дзяўчыну. Але ўсе тры вянкі засталіся некранутымі. Пакрыўдзіліся прыгажуні, хаця выгляду і не падалі. Надзелі вяночкі на свае галоўкі, звонкім смехам заліваюцца. Глядзі, маўляў, хлопец, каб пашкадаваць не давялося. Самая прыгожая з іх — Ганна, якая вельмі пакахала Івана, не сцярпела і кажа:

—Калі сярод нас не знайшлося табе абранніцы, пайдзі і пашукай кветку папараці ў лесе. Мо там сваё шчасце знойдзеш.

Сядзіць хлопец, маўчыць, пра сваё думае. Раптам побач нячутна з’явілася нечая лёгкая постаць, пяшчотныя рукі дакрануліся да галавы юнака. Заплюшчыў той вочы, думаючы, што гэта сон, а калі праз імгненне адкрыў іх, убачыў, што побач нікога няма. Толькі на траве ля самых ног вяночак ляжыць. Хацеў было хлопец адкінуць той вяночак, падумаўшы, што гэта дзяўчаты вырашылі пажартаваць над ім, але — во дзіва! — вяно­чак быццам да рук прыліп.

«Відаць, справа рук нячысціка,— думае Іван пра сябе.— Нездарма ж старыя гавораць, што ў поўнач на Купалле розныя ваўкалакі, чэрці, ведзьмы са сваіх сховішчаў вылазяць, каб людзям шкоду прынесці». Праўда, гэтая нечысць агню баіцца, таму на Купалле ў вёсках ля кожнай хаты вогнішча гарыць.

—Не бойся, Іван, ідзі за мной, я дапамагу табе знайсці кветку папараці, — чуецца побач пяшчотны голас. — Станеш самым шчаслівым чалавекам на свеце.

«Будзь што будзе»,— вырашыў хлопец і ціхенька, каб не прыцягнуць увагі сяброў, падаўся ў лес.

Спачатку ісці было лёгка: дарогу асвятлялі водбліскі купальскага кастра на паляне, вакол якога весялілася моладзь. Але чым далей ішоў хлопец, тым вузейшай рабілася сцяжынка, больш цёмным і глухім станавіўся лес. Ногі блыталіся ў густой траве, вецце балюча сцёбала па твары. Спачатку здалёк, а потым усё бліжэй і бліжэй чуліся нейкія невядомыя гукі, падобныя на выццё ваўка або рогат савы.

«Трэба вяртацца хутчэй назад, пакуль не заблу- дзіўся,— мільганула думка ў галаве Івана.— Інакш не толькі кветку папараці не знайду, а жывым з гэтай глухамані не вярнуся».

Успомніўшы пра вянок, хлопец кінуў яго на зямлю. I здарылася цуда — вянок ураз ператварыўся ў вогненнае кола. Пакацілася яно па зямлі, завісла на галінах дрэў. А наўкола стала відна, як удзень.

Паспрабаваў было хлопец зняць з дрэва свой вянок, але толькі руку да яго працягнуў, а вянок-сонейка вышэй падняўся, завіс на вецці дуба. Слепіць вочы, быццам дражніць Івана.

Пабяжыць той наперад, а сонейка на зямлю скоціцца, у густой траве схаваецца. Застыне хлопец на месцы, не ведаючы, куды ісці далей, і тут жа чуе ласкавы голас: «Ідзі сюды, Іванка. Не бойся».

   Хто ты такая? Адгукніся! — крычыць юнак.

   Я — Купалінка.

   Тады навошта ўцякаеш ад мяне?

   Лёгкага шчасця не бывае. За яго змагацца трэба,— чуецца ласкавы голас.

    Што я павінен зрабіць? Навучы! — просіць Іван.

   Ты знойдзеш кветку папараці, — адказвае Купалінка. — Як сарвеш яе, хуценька вяртайся дадому. Што б ні рабілася ў цябе за спіной, чые галасы ні пачуеш — не азірайся. Інакш будзе бяда.

Сказала так Купалінка і як скрозь зямлю правалілася. Зноў стала наўкола цёмна-цёмна. Як быць? Куды ісці?

Прачытаў пра сябе малітву Іван і паціху пайшоў наперад.

Колькі ён ішоў так, і сам не ведае. Раптам бачыць — наперадзе, у некалькіх кроках ад яго, нейкія агеньчыкі на зямлі блішчаць. Падышоў ён бліжэй і вачам сваім не верыць: перад ім незвычайная па прыгажосці кветка папараці. На што ўжо прыгожая вясёлка пасля дажджу на небе, але і яна нішто ў параўнанні з цудоўнай кветкай. Падобная на пяро Жар-птушкі, зіхаціць, пераліваецца.

Толькі памкнуўся Іван сарваць кветку, як з усіх бакоў нешта затрашчала, загукала, завыла, заверашчала, заскуголіла. I ўсё ж хлопец дацягнуўся да кветкі, сарваў яе, сунуў за пазуху і заспяшаўся ў сваю вёску.

Ішоў, а за спіной трашчала вецце, на ўсе лады лямантавала нячыстая сіла. Пагражала рознымі карамі, упрошвала азірнуцца, паслухаць, што яна скажа. Але Іван памятаў словы Купалінкі, не паддаваўся ні на якія ўгаворы, ішоў і ішоў наперад.

Быў бы, пэўна, Іван першым чалавекам у цэлым свеце, якому пашчасціла адшукаць кветку папараці, калі б нечакана не пачуў знаёмы голас Купалінкі:

   Пачакай, Іванка, я табе нешта скажу…

Не стрымаўся хлопец, азірнуўся назад, але нікога не ўбачыў. Па радасных енках нячысцікаў зразумеў, што яго падманулі. Сунуў руку за пазуху, дзе ляжала цудоўная кветка, а на яе месцы — галінка вярбы.

Застагнаў ад роспачы хлопец, падняў вочы ўгару і ўбачыў далёка-далёка ледзь прыкметны промнік святла.

    Купалінка! Пачакай мяне! — закрычаў у роспачы Іван.— Парай, што рабіць…

Доўга чакаў адказу, але так і не дачакаўся. Тады, памаліўшыся на ўсход, пайшоў хлопец у лес, пайшоў і не вярнуўся дадому.

Старыя людзі казалі, што ў ноч на Купалле недзе далёка ў лесе перагукваюцца дзявочы і юнацкі галасы. Можа, гэта Іван шукае сваю Купалінку? А можа, разам шукаюць яны згубленую кветку папараці?.. Чаго на свеце не бывае… [3]

[3] Прыстань ваўкалакаў : чарадзейныя казкі / укладальнік  А. І. Гурскі, мастак У. П. Савіч. – Мінск : Юнацтва, 2000. — 349 с.