Жыў адзін бедны чалавек з жонкаю. Нарадзілася ў іх дачка. Прыйшлося спраўляць радзіны. А ў чалавека таго ні хлеба, ні да хлеба. Чым гасцей частаваць?

Пайшоў бядняк на рэчку па ваду. Аж бачыць — ляжыць у кустах цялушачка. Ды такая слабая, лядашчая, што сама і ня ўстане.

Прынёс ён цялушачку дахаты і кажа жонцы:

— Давай зарэжам яе: будзе чым гасцей пачаставаць.

Спадабалася жонцы цялушачка — такая рыжанькая ды лысенькая.

— Не, — адказвае яна, — хай лепш гадуецца.

— Дык жа яна зусім кволенькая. Яе, відаць, нехта знарок выкінуў, каб у хляве ня здохла.

— Нічога, можа, як і выгадуем. Падрасце дачка — будзе ёй малако.

Паслухаў чалавек жонку, і пачалі яны гадаваць цялушачку.

Акрыяла тая, расце, як на дражджах. І дачка таксама расце, як на дражджах. Ды такая разумніца ўдалася, што і старыя ахвотна слухаюць яе.

Выгадавалася з лысенькай цялушачкі слаўная карова.

Падрасла дзяўчынка, стала ёй сем гадоў, пачала сама пасвіць карову.

Заглядзеўся аднойчы багаты сусед на карову бедняка.

— Адкуль у цябе такая добрая карова? — пытаецца.

Бядняк і разказаў яму ўсё, як было.

— Эгэ, — кажа багацей, — дык гэта-ж мая цялушка! Гэта я выкінуў яе — ня думаў, што яна на ногі ўстане. Не, тады я забяру сваю карову назад…

Зажурыўся бедны чалавек.

— Я-ж яе гадаваў, — кажа. — І яна цяпер мая.

Не згаджаецца багаты:

— Не аддасі па-добраму — пойдзем да пана на суд.

Што рабіць? Пайшлі да пана на суд.

Багаты падаў пану руку, прывітаўся: ведама, багаты з багатым свае людзі. 

Пан кажа яму:

— Садзіся ў мяне.

Багаты сеў у крэсла, а бедны стаіць ля парога, шапку зняўшы. Пан на яго і не глядзіць.

— Ну, што добрага скажаш? — пытаецца пан у багатага.

— Ды вось, пане, якая справа, — пачаў скардзіцца багаты. — Сем гадоў таму назад гэты чалавек забраў маю цялушку і цяпер не аддае…

Выслухаў пан і бедняка. А потым кажа ім:

— Добра. Суд мой будзе такі. Загадаю вам тры загадкі: што на свеце сыцей за ўсё, што на свеце саладзей за ўсё, што на свеце шпарчэй за ўсё? Хто адгадае, таму і карова застанецца. А цяпер ідзіце дахаты, падумаўце. Заўтра прыйдзеце з адгадкамі.

Вярнуўся бедны чалавек дахаты, сеў і плача.

— Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка.

— Ды так і так, — адказвае бацька. — Хоча багаты сусед адабраць у нас карову. Пайшлі мы з ім да пана на суд. А той загадаў нам тры загадкі. Хто з нас адгадае, таму і карова застанецца. Дзе ж мне адгадаць тыя загадкі!

— А якія, тата, загадкі? — пытаецца дачка. 

Бацька сказаў.

— Нічога, тата, не турбуйся, — кажа дачка. — Кладзіся спаць. Раніца за вечар мудрэйшая: заўтра што-небудзь прыдумаем.

А багаты прыйшоў дадому і радуецца:

— Ну, баба, карова будзе наша! Трэба нам з табою толькі адгадаць тры загадкі: што на свеце сыцей, што саладзей, і што шпарчэй?

— Вось, дзіва! — усміхнулася жонка. — Тут і адгадваць няма чаго. Сыцей за нашага рабога парсюка нікога на свеце няма. Саладзей за ліпавы мёд ад нашых пчол таксама няма нічога. А шпарчэй за нашага гнедага жарабца ніхто не зможа бегчы: ён жа як памчыцца, дык і вецер не дагоніць!

— Праўда, — згадзіўся мужык, — так я і скажу пану.

Назаўтра прыходзяць бедны з багатым да пана.

— Ну што: адгадалі мае загадкі? — пытаецца пан.

Багаты выйшаў наперад:

— Ды тут і адгадваць няма чаго: нікога і нічога на свеце няма сыцей за майго рабога парсюка, саладзей за ліпавы мёд ад маіх пчол і шпарчэй за майго гнядога жарабца.

— А ты, — пытаецца пан у бедняка, — адгадаў?

— Адгадаў, пане: няма нічога сыцей за зямлю, бо яна ўсіх корміць; няма нічога саладзей за сон, бо хоць якое гора, а заснеш дык і забудзешся; і няма нічога шпарчэй за людзкія думкі, бо сам ты яшчэ тут, а думкі ўжо далёка-далёка…

Правільна адгадаў бядняк! 

Прыйшлося пану прысудзіць яму карову.

— Хто гэта цябе навучыў так адказваць на мае загадкі? — пытаецца пан у бедняка.

— Мая дачка-сямігодка.

Здзівіўся пан: не можа таго быць, каб такая малая беднякова дачка адгадала яго загадкі! Захацелася яму паглядзець на разумную дзяўчынку. Прыехаў ён аднойчы да бедняка, а той якраз з жонкаю ў полі быў. Сустрэла пана беднякова дачка-сямігодка.

— Дзяўчынка, — пытаецца пан, — да чаго мне коней прывязаць?

Паглядзела дзяўчынка на сані і калёсы, што стаялі на двары, і кажа:

— Можаш да зімы прывязаць, а можаш і да лета.

Пан і вочы вылупіў: як гэта можна коней прывязаць да зімы або да лета? Сьмяеццца, відаць, зь яго гэтае дзяўчо?

— Ну, хоць да саней прывяжы, а хоць да калёс, — растлумачыла дзяўчынка.

Бачыць пан: беднякова дачка сапраўды надта разумная. Не гонар гэта пану. Дачуюцца людзі, што яна разумнейшая за яго, тады хоць з маёнтка ўцякай.

Пагаварыў пан з дзяўчынкай і паехаў, а ёй сказаў, каб увечары бацька да яго прыйшоў.

Прыйшоў увечары бядняк да пана.

— Нішто, — кажа пан, — разумная твая дачка. Але я ўсё ж разумнейшы.

Даў пан бедняку рэшата яек.

— На, — кажа, — занясі дачцы і скажы, каб яна пасадзіла на іх квактуху і вывела мне да заўтра куранят на снеданне. А не зробіць гэтага — загадаю бізуноў даць.

Прыйшоў бядняк дахаты засмучаны. Сеў ён на лаве і плача.

— Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка.

— Ды вось, дачушка, бяда якая: загадаў табе пан новую загадку.

— Якую?

Бацька паказаў дачцэ рэшата з яйкамі.

— Сказаў, каб ты на гэтыя яйкі квактуху пасадзіла і вывела куранят да заўтра яму на снеданне. Хіба ж гэта можна зрабіць?

Дачка падумала і кажа:

— Нічога, тата. Заўтра што-небудзь прыдумаем. А пакуль што бяры, мама, гэтыя яйкі, пячы яечню на вячэру.

Раніцай дачка кажа бацьку:

— На табе, тата, гаршчок, ідзі да пана. Скажы, каб ён за дзень ляда высек, выкарчаваў і ўзараў, проса пасеяў, зжаў і змалаціў ды ў гэты гаршчок насыпаў куранят карміць.

Пайшоў бацька да пана, падаў яму гаршчок і сказаў усё, як дачка загадала.

Пан, падкруціў вусы, паморшчыўся і кажа:

— Разумная твая дачка, ды я ўсё ж разумнейшы!

Узяў ён тры сцяблінкі льну, падаў бедняку:

— Скажы дачцэ, каб яна да заўтра гэты лён сцерла, спрала, выткала і пашыла мне зь яго кашулю.

Вярнуўся бацька дахаты засмучаны. Дачка пытаецца:

— Што сказаў табе пан?

Падаў бацька ёй тры сцяблінкі льну і разказаў, што пан загадаў.

— Нічога, — адказвае дачка, — кладзіся, тата, спаць: заўтра што-небудзь прыдумаем.

Назаўтра дае дачка бацьку тры кляновыя дубчыкі і кажа:

— Занясі пану і папрасі, няхай ён іх пасадзіць, за адну ноч вырасціць і зробіць варштат для кросен, каб было на чым палатно яму для кашулі выткаць.

Пайшоў бядняк да пана, падаў тры дубчыкі і сказаў, як дачка навучыла.

Пачырванеў пан і кажа:

— Разумная твая дачка — нічога не скажаш. Ды я ўсё- ж разумнейшы! Перадай жа ты ёй, каб яна да мяне не пехатою прыйшла, не на кані прыехала, не голая і не адзетая, і каб падарунак мне прынесла, а я каб не мог яго прыняць. Калі зробіць усё гэта, то вазьму яе за дачку — вырасце, паняй будзе! А не зробіць — дрэнна ёй будзе…

Вярнуўся бацька дахаты яшчэ больш засмучоны.

— Ну, што табе, тата, пан сказаў? — пытаецца дачка.

— Ды вось, дачушка, нарабіла ты сваімі адгадкамі бяды і нам і сабе…

Расказаў ёй бацька, што пан загадаў.

Дачка засмяялася:

— Нічога, тата. Як-небудзь абдурым пана і на гэты раз. Злаві ты мне толькі жывога зайца.

Пайшоў бацька ў лес, паставіў сіло і злавіў зайца.

Дачка закруцілася ў рыбацкую сетку замест сукенкі, села на кіёк і паехала з зайцам да пана.

Пан стаіць на ганку і дзівіцца: зноў перахітрыла яго беднякова дачка! Узлаваўся ён і нацкаваў на яе сабак — думаў, тыя разарвуць разумніцу. Дзяўчынка выпусціла з рук зайца — сабакі і памчаліся за ім.

Падышла яна да пана.

— Лаві, — кажа, — свой падарунак: вунь у лес пабег…

Прыйшлося пану ўзяць разумную дзяўчынку за дачку.

Паехаў неўзабаве пан за граніцу, а дзяўчынцы сказаў:

— Глядзі ж, каб ты тут без мяне не судзіла маіх людзей, бо дрэнна табе будзе.

Засталася дзяўчынка адна ў маёнтку. Здарылася ў гэты час такая справа. Пайшлі два дзядзькі на кірмаш. Адзін купіў калёсы, другі — кабылу. Запрэглі кабылу ў калёсы і паехалі дамоў. Па дарозе спыніліся адпачыць. Ляглі і паснулі. А як прачнуліся, бачаць — бегае ля калёс малое жарабятка. Дзядзькі заспрачаліся. Той, чые калёсы былі, кажа: «Жарабё маё, — гэта мае калёсы ажарабіліся!» А той, чыя кабыла, сваё даводзіць: «Не, жарабя маё, гэта мая кабыла ажарабілася!»

Спрачаліся, спрачаліся ды вырашылі ехаць да пана на суд.

Прыехалі, а пана няма дома.

— Рассудзі хоць ты нас, — просяць дзядзькі прыёмную панскую дачку.

Даведалася дзяўчынка, што ў іх за справа, і кажа:

— Няхай той з вас, чыя кабыла, выпража яе з калёс, ды вядзе ў руках, а той чые калёсы, няхай цягне іх на сабе ў другі бок. За кім жарабя пабяжыць, той яго і гаспадар.

Дзядзькі так і зрабілі. Жарабя пабегла за кабылаю. На гэтым і спрэчка ў іх скончылася.

Вярнуўся пан з-за граніцы і дачуўся, што разумная дзяўчынка без яго суды судзіла. Узлаваўся пан, нарабіў крыку:

— Што ж ты не паслухала мяне? Бяры сабе з маёнтка, што пажадаеш, ды ідзі дахаты, каб я цябе больш не бачыў!

— Добра, — кажа дзяўчынка. — Але мне хочацца на адыход цябе віном пачаставаць.

— Частуй, — буркнуў пан. — Толькі хутчэй.

Напаіла яго дзяўчынка віном, пан і заснуў бяз памяці. Загадала тады яна слугам запрэгчы каня, палажыла пана ў карэту і павезла дахаты. Дома з бацькам зняла яго з карэты ды перанесла ў сенцы на салому.

— Вось табе, — кажа, — пасцель замест пярынаў. Адчухвайся тут.

Прачнуўся назаўтра пан, разглядаецца — дзе ж гэта ён? Убачыў сваю прыёмную дачку, якую прагнаў, і пытаецца:

— Чаму я тут, у бруднай мужыцкай хаце, ляжу?

— Ты сам так захацеў, — смяецца дзяўчынка. — Ты сказаў мне: «Бяры сабе з маёнтка, што пажадаеш, ды ідзі дахаты». Я і ўзяла цябе. Уставай ды ідзі замест бацькі паншчыну адбываць. Ты мужык дужы, роботнік з цябе будзе нядрэнны.

Пачуўшы гэта, пан усхапіўся на ногі і так драпануў, што толькі яго і бачылі. Нават ад коней з карэтаю адрокся.

[1] 12 месяцаў = 12 месяцев : [казкі] / [укладанне А. Бадака] : Кн. 8 : . — Мінск : Мастацкая літаратура, 2020— Жнiвень = Август. — 2020. — 255 с. : iл.