Спачатку зямлі не было. Усюды, як кінуць вокам, стаяла мёртвая вада, з якой тырчаў вялізны камень. Раптам пачалася навальніца, у камень сталі цаляць маланкі. Ад вогненных бліскавіц пырснулі тры іскрынкі: белая, жоўтая і чырвоная. Яны зніклі ў вадзе, і навалілася цемра.

Калі навальніца мінула, свет перайначыўся. Вада адступіла, паўстала зямля, выраслі дрэвы, завяліся звяры і птушкі. Потым на зямлі з’явіўся чалавек, якога звалі Бай. Ніхто не ведае, адкуль ён прыйшоў.

3 цягам часу Бай завёў свае парадкі. Пабудаваў сядзібу, знайшоў сабе жонку, потым нарадзіліся дзеці. Перад смерцю Бай падзяліў паміж імі маёмасць. Толькі Белаполь застаўся без спадчыны. Ён акурат адлучыўся на паляванне, узяўшы з сабой любімых бацькавых сабак — Стаўры і Гаўры.

Калі Белаполь вярнуўся дамоў, браты яму сказалі:

— Бацька пакінуў табе сабак, але загадаў адпусціць іх на волю. Колькі яны за дзень прабягуць зямлі, тая належыць табе.

Злавіў Белаполь дзвюх птушак. Адну з паўднёвага мора, а другую — з мора заходняга.

Падкінуў ён першую птушку і крыкнуў:

— Лаві яе, Гаўры!

Потым падкінуў другую птушку:

— Хапай яе, Стаўры!

Кінуліся сабакі за птушкамі, а следам за імі пакаціліся дзве ракі. На захад — Дзвіна, а на поўдзень — Дняпро. Паміж гэтымі рэкамі Белаполь заснаваў сваю краіну, дзе пасяліліся людзі, якіх завуць беларусамі. 3 таго часу яны жывуць паміж Дзвіной і Дняпром, зямельку аруць і жыта сеюць. [1]

[1] Дзяўчына з замчышча : беларускія легенды і паданні. Кн. 1 / пераказаў Уладзімір Ягоўдзік ; [мастак Д. А. Чарняўская]. — Мінск : Звязда, 2023. — С. 29-31.