Жыў-быў дзед, а ў таго дзеда быў баран, вось і захацеў той дзед зарэзаць свайго барана. Толькі пачаў рэзаць, трошкі бок абадраў, ажно баран ускочыў і схаваўся ў нару лісіцы.
Прыйшла лісіца ў сваю нару, а там нехта сядзіць. Спужалася лісіца і пытаецца:
— Хто там?
А баран ёй:
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, як дам рагамі, дык ты дагары нагамі.
Лісіца спужалася і пайшла ваўка прасіць.
— А воўчанька ты мой, а кумочак мой, хадзі дапамажы маёй бядзе, паглядзі, хто гэта ў маёй нары сядзіць.
Паслухаў воўк лісу, пайшоў з ёй у нару выганяць барана: прыйшоў ды сарп, сарп, носам нюхае:
— Хто там?
— Я тут, баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, як дам рагамі, дык ты дагары нагамі.
Воўк спужаўся і ўцёк. Пайшлі яны з лісіцай да медзведзя, сталі медзведзя прасіць:
— Мядзведзенька, баценька, хадзі дапамажы нашай бядзе, паглядзі, хто ў лісіцынай нары сядзіць.
Паслухаў мядзведзь, пайшоў з імі да нары і пытаецца:
— Хто там?
А баран яму:
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, як дам рагамі, дык ты дагары нагамі.
Мядзведзь спужаўся і ўцёк.
Ідуць яны, ідуць каля саду, ды бачаць — ляціць пчолка. Давай яны пчолку прасіць:
— Пчолка, душачка, хадзі паглядзі, хто ў лісіцынай нары сядзіць.
Паляцела пчолка з імі, прыляцела і пытаецца:
— Хто там?
А баран ёй:
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, як дам рагамі, дык ты дагары нагамі.
А пчолка як уляцела ў нару, як села на барана ды давай яго кусаць за абадраны бок. Баран выскачыў і пабег уцякаць. [1]
[1] Баран — бок абадран : беларуская народная казка / мастак Г. Хінка-Янушкевіч]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. — [13] c. — (Казка за казкай)