[1] Буслава айчына: творы пра родную беларусам птушку / укладанне Аксаны Спрынчан; ілюстрацыі Уладзіміра Жука. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2020.

 

Птушка бусел шырока прадстаўлена ў беларускай міфалогіі, паводле якой гэта чалавек ці анёл, пакараны Богам за цікаўнасць. 

Бусел для беларусаў — святая птушка. Забіць бусла — вялікі грэх. Па бусле варажылі, які будзе год: калі ён скіне з гнязда яйка — добры год, хлеба купіш за яйка, калі птушаня — благі, неўраджайны, хлеба не купіш і за дзіця, а яшчэ горш — нехта малады пармэ ў вёсцы.

Дачыненні чалавека і бусла — прыклад гарманічнага суіснавання чалавека і дзікай прыроды, якая становіцца свойскай: чалавек дапамагаў буслу будаваць гняздо, ахвяруючы дзеля гэтага старыя колы, бароны, кладучы туды кавалкі жалеза, медзі. За гэта бусел магічным чынам засцерагаў жыллё ад пажару або папярэджваў, што жытло спаліць пярун. Пакрыўджаны бусел мог спаліць негасцінную сялібу, прынёсшы на яе галавешку, або занячысціць калодзеж, кінуўшы ў яго гадзюку.

Бусел усведамляецца як носьбіт нябеснага агню, як распарадчык і ахоўца яго, як апякун над іншымі нябеснымі стыхіямі, напрыклад, над ветрам. У час навальніцы раілі станавіцца пад дрэва з буслянкай, бо ў такое дрэва ніколі не ўдарыць малыанка. [2]

[2] Беларускі фальклор : энцыклапедыя / галоўны рэдактар Г. П. Пашкоў : Т. 1 : . — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2005 А — К. — Мінск, 2005. — С. 196-197.

Бусел

Вандраваў калісьці па белым свеце Бог. І заблукаў ён да нас на Беларусь. Бачыць – прыгожая тут зямля. Векавыя пушчы, ураджайныя палеткі, не злічыць рэк і азёраў, бруістых крыніц са сцюдзёнай вадой…

Адно кепска: развялося шмат усялякіх паўзучых гадаў. Няма ад іх жыцця ні людзям, ні жывёле. Паспачуваў Бог нашым прашчурам. Узяў вялізную торбу і сабраў туды рознае плюгаўства. Ніводнай жабы ці гадзюкі не пакінуў.

Стаміўся Бог ад такой нялёгкай работы – ён ужо старэнькі быў. Не хапіла самому сілы падняць і занесці тую торбу, каб укінуць у бяздонную багну-дрыгву.  Таму і гукнуў на падмогу хлопца, які сена касіў на лузе. Узваліў Бог маладзёну торбу на спіну ды загадаў не развязваць па дарозе.

А дзяцюк, як на тое, аказаўся вельмі цікаўны. Закарцела яму зірнуць, што там у торбе варушыцца ды жудліва сыкае. Схаваўся ён за бухманы куст вербалозу і развязаў торбу. Як развязаў – дык самлеў ад страху. А гады тым часам вылезлі і зноў распаўзліся па ўсёй зямлі.

Вядома, Бог не схацеў другі раз з імі пэцкацца. Начапіў ён парожнюю торбу неслуху-касцу на плячо – выправіў яго збіраць выпушчанае плюгаўства. Толькі дзяцюк злавіў першую жабу – ператварыўся ў бусла.

З таго часу і дыбае бусел, нібы касец, па лугах-балотах. Босы, з чырвонымі нагамі, у белай кашулі і з чорнай торбаю за спіной. Потым Бог злітасцівіўся над небаракам, паслаў яму на падмогу жонку-бусліху і дзетак-буслянят. А жыць дазволіў у вёсцы, сярод людзей, каб не забыліся, што вядуць свой пачатак ад чалавечага роду. Людзі таксама помняць пра гэта, таму не крыўдзяць буслоў, шануюць іх, як родных братоў. [3]

[1] Буслава айчына: творы пра родную беларусам птушку / укладанне Аксаны Спрынчан; ілюстрацыі Уладзіміра Жука. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2020.

[3] Вужовы кароль: беларуская легенды і паданні. — Мінск : Юнацтва, 1996. — С. 99.