У даўнія часы на святую Куццю прыслуга вячэрала разам з панамі. Пані-ўдавіца, у якой служыў Юстын, загадала накрыць стол, каб з першай зоркай адзначыць свята. Выпілі яны па чарцы, добра паелі, а потым гаспадыня сказала:

— Я паеду на ўсяночную, а ты не спі, вартуй маёнтак.

Дарога да касцёла была няблізкая. Юстын хуценька падрыхтаваў сані. Калі гаспадыня паехала, ён абышоў сядзібу, потым прылёг на запечку і задрамаў. Пабудзілі яго нейкія мала- дзіцы, што завіхаліся на кухні.

«Можа, пані запрасіла сябровак?» — падумаў Юстын.

Раптам над галавой моцна загрукатала, і з коміна выскачыла яшчэ адна паненка.

«Ага, няйнакш нячыстую сілу прынесла!» — жахнуўся Юстын.

А маладзіцы скачуць на кухні, не заўважаючы парабка. Потым залезлі на печ. Адна запрэглася ў саху, а другая пачала араць, быццам на полі. Узарала, пасеяла проса. Яно мігам вырасла, закаласілася. Паглядзелі ведзьмы, ці паспела проса, схапіліся за сярпы. Адны жнуць, другія малоцяць, а трэція пліту распальваюць.

Як бачыш зварылі кашу, ажно ў Юстынавым жываце забурчэла. Пакаштавала старшая ведзьма кашу — і сіганула ў комін. Следам паляцелі яе сяброўкі. Не вытрымаў парабак, пакаштаваў ведзьміну кашу — і таксама шугануў у комін.

Так Юстын апынуўся на балоце. Навокал шмат было людзей, як на кірмашы, але ніводнага мужчыны — адны паненкі. Грала музыка, віравалі танцы. Лыпае вачыма парабак і не верыць сам сабе. Яго пані таксама тут! Падбегла яна да парабка, шапнула на вуха:

— Якое цябе ліха прынесла?

Расказаў Юстын, як трапіў ён сюды.

— Вунь стаіць белы конь, — паказала пані. — Уцякай хутчэй, пакуль жывы!

Асядлаў парабак белага каня і праз імгненне апынуўся ў сваім двары. Прывязаў каня за лейцы, пабег у панскія пакоі. А насустрач яму — гаспадыня.

— Што з канём рабіць? — спытаўся Юстын.

— 3 якім канём? — здзівілася пані.

Выйшлі на двор, а да плота замест каня прывязана бярозавае палена. [1]

[1] Сіні калодзеж. Сто беларускіх легенд і паданняў : зборнік / пераклад У. Ягоўдзік ; [ілюстрацыі Ю. Шаціла ; дызайнер В. Ягоўдзік]. — Мінск : Выдавец М.Ягоўдзік, 2012. — С. 100-103.