У даўніну на Палессі вялося шмат дзікіх пчолаў. Хто першы знойдзе дупло, таму і належала борць. Гаспадар абвязваў дрэва вяроўкай, каб ніхто не чапаў яго маёмасць.
Жыў тады нейкі дзяцюк — страшэнны гультай і памаўза. Ен цягаўся па лесе і крадком выдзіраў чужы мёд. Ды яшчэ наракаў, маўляў, цяжка лазіць па галінах. Дачуўся гэты ласун, што за сямю лясамі, за сямю балотамі жыве чарадзей. Можа, ён параіць, як лягчэй здабываць мёд? Пайшоў дзяцюк шукаць чарадзея. Па дарозе ён убачыў абвязаную сасну. Ускараскаўся на дрэва, наеўся свежага мёду і падаўся далей. Потым спустошыў другую борць, і яшчэ адну… Нарэшце прыйшоў у паселішча, дзе жыў чарадзей. Дома гаспадара не заспеў, а на старой ліпе, што расла каля хаты, гудзелі пчолы. Не стрымаўся ласун, залез на дрэва і пачаў выдзіраць соты. А дамоў акурат вяртаўся чарадзей. Убачыўшы злодзея, ён шапнуў замову:
— 3 гэтай хвіліны і ты, і твае дзеці, і дзеці тваіх дзяцей заўсёды будзеце драць пчолаў!
Прамовіўшы гэтак, чарадзей абярнуў гультая-ласуна ў калматага мядзведзя. [1]
[1] Сіні калодзеж. Сто беларускіх легенд і паданняў : зборнік / пераклад У. Ягоўдзік ; [ілюстрацыі Ю. Шаціла ; дызайнер В. Ягоўдзік]. — Мінск : Выдавец М.Ягоўдзік, 2012. — С. 130-133.