Слухайце бо! Скажу вам не казку, а шчырую праўду. Дзе тое было — цяпер я забыўся, бо ўжо, бачыце, старасць. А ведама, калі з чупрыны гінуць валасы, то й памяць — з галавы. От я забыўся, што сягоння абедаў. Не памятаю. А мо й нічога. Трапляецца і так. Кажуць жа: «Часам з квасам, а парою з бядою ці бо з вадою». Цяпер ліха, жаляцца маладзічкі, а даўней было гарэй. Вы таго не памятаеце. Не вельмі даўно тое было, яшчэ за паншчынаю. За паншчынаю добра, калі трапляўся добры пан. Але дзе трапляліся добрыя паны? Больш былі не паны, а звяр’ё паганае. Як трапіцца такі паганы пан, то хоць лажыся і памірай — нічым яму не ўгодзіш. Кажуць жа: «Зачыні чорту дзверы, то ён у акно». Гэтак і ліхі пан. Ты яму годзіш, шчыра робіш, а ён табе ўсё крычыць:
— Не так, шэльма, не так, галган, не так, пся крэў, — і есць цябе поедам, есць, зневажае, здзекаваецца.
А калі што — жыўцом скуру злупіць. Ой, цяжка было за ліхімі панамі. А ліхія паны былі амаль усе. Эге ж.
От у адным двары быў такі ліхі пан. Чаго толькі ён не вычвараў. Як толькі ён ні здзекаваўся з людзей! Сек ён і мужыкоў, і баб, старых і малых. Расцягнуць маладзіцу або дзеўку, пан тыча пальцам дый кажа: «Лупі!» Фурман пачне пярэсціць, што аж пара валіць.
Не аднаго ён засек насмерць і нікога не баяўся. А людзей ён лічыў горш за сабак… Што ён вычвараў над маладзіцамі ды дзеўкамі, дык сорам і казаць. Не мог той паганы пан ужо больш нічога прыдумаць, каб паздзекавацца з людзей, от і загадаў ён , каб мужыкі прыводзілі на продаж валоў толькі ў двор, а на канцах сяла паставіў рагаткі ды і не дазволіў праехаць к мужыкам ніякаму купцу. Вось і павялі людзі ў двор валоў на продаж. Але прывядзе хто вала, а пан кажа:
— Што ж ты прывёў, асёл? Гэта ж не вол, а казёл.
І заплаціць, бы за казла; а то яшчэ пашле на стайню, ды ўсыпле паўсотні гарачых. Доўга мучыліся бедныя мужыкі з такім паганым панам, доўга цярпелі, бо што зробіш, каму пажалішся? Ведама, паны за панамі і цягнуць.
Але вось знайшоўся адзін чалавек, што адплаціў таму пану за ўсе людскія слёзы ды крыўду. Дык вось як гэта было. Быў там удалы, здатны хлопец. Рана ён асірацеў, але вось і адзін-такі ўзбіўся на гаспадарку. Горды быў хлопец. Ніхто яго ніколі і пальцам не зачапіў. Толькі вось ён прыводзіць у двор на продаж вала. Убачыў пан, выйшаў на ганак дый кажа:
— Што ж ты прывёў, асёл? То ж не вол, а казёл.
Паглядзеў той дзяцюк, што блізка нікога няма каля пана, паказаў яму папліску дый пытае:
— Што гэта, пане, бяроза ці лаза? Я ж прывёў табе вала, а не казла.
І давай пярэсціць, давай дубасіць пана тою папліскаю. Рэзаў, рэзаў, пакуль сам здаволіўся.
— От жа табе, пане, за тое, што ты людзей мучыш. Калі вычухаеш гэта, то чакай мяне яшчэ тройчы. Тройчы я здыму з цябе скуру.
Сказаў гэта дзяцюк дый уцёк у лес. А ведама, якія даўней былі цёмныя ды густыя лясы. У іх жыві колькі хочаш, ніхто цябе не натрапіць.
Знайшла дворня пана без памяці, так яго вымесіў той дзяцюк. Толькі на трэці дзень трохі ачухаўся пан і загадаў злавіць Рымшу — так звалі таго дзецюка. Ды куды там — яго і след ветрам замяло.
Амаль тыдняў сем пракачаўся пан: ледзь чорту душу не аддаў. Якіх толькі дактароў ні прыводзілі — нічога не парадзяць.
Але вось па немалым часе прыехаў у двор якісь вянгерац. У яго ўсялякіх зелляў, усялякае лякобы! Рад пан, просіць таго вянгерца, каб яго палячыў. Пагасцяваў вянгерац у двары дый давай лячыць пана. Загадаў ён напаліць лазню, павёў пана туды, пасадзіў яго на лаўцы дый сказаў аберучкі трымацца за жэрдачку, а сам пачаў націраць пана ўсялякімі мазямі. Сядзіць пан, трымаецца аберучкі за жэрдачку ды толькі крэкча. Але нядоўга ён так сядзеў: выцягнуў вянгерац з кішэні суромец, прывязаў ім да жэрдачкі панскія рукі, заткнуў пану вехцем горла, узяў хварасціну дый кажа:
— Што гэта, пане, бяроза ці лаза? Я ж прадаў табе вала, а не казла.
Бачыць пан, што гэта Рымша, а не вянгерац, хоча крычаць, ды не можа, бо вехаць у роце. Круціцца пан бы ўюн на гарачай патэльні, а Рымша дастаў з-пад палы канчук і давай хрысціць паганага пана па чым папала. Лупіў, лупіў, амаль усю скуру садраў дый давай пасыпаць пана соллю. Самлеў пан ад болю. А Рымша сеў на коней дый паехаў сабе. Толькі яго і бачылі.
Доўга хварэў пан, ледзь не паўгода пракачаўся. Усе думалі, што ўжо яму прыйшлі капцы. Але ліхога і смерць не бярэ: к вясне трохі вычухаўся пан і хацеў ехаць за граніцу на воды, ды, бачыце, грошай няма. От і ўздумаў ён прадаць лес. Пайшла погаласка, і пачалі купцы аглядаць лес. Таргаваліся яны, таргаваліся, дык не сходзяцца аб цане, бо пан вельмі даражыўся. Толькі вось прыехаў якісь вельмі багаты купец. Павёў яго пан аглядаць лес. От пан хваліць лес, а купец толькі ўсё адводзіць пана ў гушчарню ды ў нетру. Забраліся яны ў такую гушчэчу, што і свету божага не бачна. Купец давай абдымаць хвоі, сажнем мераць таўшчыню. Абхапіў і пан адну хваіну, а купец хуценька выхапіў з кішэні суромец ды і прывязаў пана да хвоі. Бачыць пан, што тут непярэліўкі, хацеў крычаць, зваць на растунак, але так спалохаўся, што няма голасу. Вось купец паказаў яму папліску дый пытае:
— Што гэта, бяроза ці лаза? Я ж, — кажа, — прадаў табе вала, не казла.
Тут пан здагадаўся, што гэта Рымша… Тым часам Рымша запхаў пану мохам рот і давай пярэсціць па чым папала ды загадваць, каб больш не здзекаваўся з людзей. Біў, біў Рымша пана, чуць насмерць не забіў ды так і кінуў прывязаным да хвоі. Так да вечара і ўсюсеньку ноч правісеў пан на хвоі, пакуль дворня знайшла. Тут ужо пан цэлы год пракачаўся: усё не можа выздаравець. Няма ачунку: вось і радзяць пану ехаць на воды.
Прадаў пан лес, прадаў збожжа ды жывёлу. Сабраў многа грошай і давай выладжвацца на воды. Тым часам Рымша ўсё цікуе за панам. Толькі пан выехаў з двара ды ўехаў у лес, як Рымша ўжо ўзяў з сабой двух конных хлапчукоў з доўгімі папліскамі.
Толькі пад’ехаў пан, як першы хлапчук трасе папліскаю дый крычыць:
— Што гэта, пане, бяроза ці лаза?
А сам па кані ды наўцёкі.
— Хапайце, хапайце! — крычыць пан. — То ж галган Рымша!
Фурман адрэзаў пастронкі, сеў на каня і пагнаўся за хлапчуком. Але той сунуў у лес і чорт ведае, куды дзеўся. А фурман папёр дарогаю ўперад мо вёрст дзесяць. Тым часам заехаў перад панам другі хлапчук, паказаў папліску дый пытае:
— Што гэта, пане, бяроза ці лаза?
— Хапай, хапай яго, галгана! — крычыць пан на лёкая. — То ж Рымша!
Ускочыў лёкай на другога каня і пагнаўся за хлапчуком. Астаўся пан адзін. Тут Рымша высунуўся з-за схованкі дый паказаў пану папліску.
— Што гэта, пане, бяроза ці лаза? Я ж, — кажа, — прадаў табе вала, не казла.
І давай дубасіць ды перыць пана тою папліскаю. Збіў Рымша пана на горкі яблык, забраў усе грошы дый пайшоў сабе ў лес, у сваю зямлянку. Кажуць, потым Рымша многа дабра рабіў людзям. Яшчэ да гэтых часоў у цёмным лесе сярод балота стаіць гара. Яе называюць Рымшавай гарою.[1]