Прыпяць — нібыта маці ўсіх палескіх рэк. Калісьці яе называлі інакш: не Прыпяць, а Трыпяць. Гэтая назва ўтварылася ад лічбаў тры і пяць і азначала «тры разы па пяць».
Менавіта столькі прытокаў упадае ў Прыпяць. Палічыце самі: Бобрык, Гарынь, Іпа, Лань, Піна, Пціч, Славечка, Случ, Стаход, Стыр, Сцвіга, Трэмля, Убарць, Цна і Ясельда.
На Палессі бываюць моцныя паводкі, але Прыпяць у гэтым не вінаватая. Увесь палескі край на сабе трымае рыба Малімон, якая жыве ў падземным моры-акіяне. Адзін раз у сем гадоў яна ўсплывае наверх, а потым зноў апускаецца на дно.
Калі Малімон усплывае, тады рэкі выходзяць з берагоў, а калі апускаецца, бывае моцная засуха. [1]