[1] Волков, С.А. Волшебный сундучок: герои славянской мифологии / С.А.Волков ; художник С.А.Волков. – Минск : Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2009.

 

Міфічныя Русалкі – блізкая радня Азярніц. Яны жывуць у рэчках ці азёрах у прыгожых празрыстых палацах і падначальваюцца агіднаму Вадзеніку. Але могуць жыць і ў лесе ў хатах чараўніц, ператвораных у кошак, птушак ці іншых істот. У народных уяўленнях Русалкі – гэта душы маладых незамужніх дзяўчат-тапельніц, якія скончылі жыццё самагубствам, або дзяцей, утопленых, задушаных ці народжаных мёртвымі. З выгляду гэта маладыя прыгожыя дзяўчаты з вялікімі блакітнымі ці зялёнымі вачыма, пышнымі грудзямі, распушчанымі валасамі белага або зялёнага колеру, голыя ці апранутыя ў празрыстыя сукенкі. Лічыцца, што моваю Русалак з’яўляецца шоргат жыта ад ветру. Сустрэцца з імі можна ўвечары на ўзлеску, у жыце, лузе ці ў прырэчных або прыазёрных месцах у пару, калі пачынае выспяваць збажына, садавіна і агародніна. Яны любяць гушкацца на бярозавых галінах, “рассыпацца між кустоў, спяваць, скакаць, збіраць кветкі і плесці вянкі”. Завабліваючы людзей усіх узростаў, а найперш маладых хлопцаў, Русалка можа заказытаць ахвяру аж да смерці. Але пакаханага тапельца яна песціць і ахоўвае, старога ж і непрыгожага выпіхвае на бераг. Кажуць, што з вады Русалкі выходзяць на кароткі час, пакуль высахнуць валасы. Толькі на русальным тыдні пасля Вялікадня гэта абмежеванне здымаецца, і яны могуць хадзіць усюды, нават прыходзіць у сяло. У канцы русальнага тыдня наладжваюць спецыяльны абрад, калі Русалак праводзяць “з двору да бору”. І з гэтага часу яны больш не турбуюць людзей. [2]

[2] Чароўны свет : з беларускіх міфаў, паданняў і казак. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2008. — С. 132.

Пра русалку

 

Жанчына пайшла ў лес па грыбы. Бачыць, на дрэве вісіць вялікі кавалак бярозавай кары. Падышла яна, зазірнула ўсярэдзіну, аж там ляжыць голае дзіця і спіць. Жанчыне шкада стала дзіцяці, адвязала свій фартух, прыкрыла ім дзіця і адышлася, усё думаючы, чыё гэта можа быць дзіця і як яно сюды трапіла?.. Але не паспела яна адысці ад дзіцяці якіх дваццаці крокаў, як пачула:

  • Пачакай, кабетка!

Яна азірнулася, бачыць – бяжыць да яе голая жанчына з распушчанымі валасамі. Гэта была русалка. Тая спужалася і хацела ўцячы, але русалка закрычала:

  • Пастой, кабетка, спор табе ў рукі! – Дакранулася да рук жанчыны і знікла.

Калі жанчына трохі ачулася ад пуду, вярнулася дадому. З тае пары яна пачала працаваць, што ўсе дзівіліся, адкуль у яе бяруцца сілы. [3]

[1] Волков, С.А. Волшебный сундучок: герои славянской мифологии / С.А.Волков ; художник С.А.Волков. – Минск : Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2009.

[3] Свяці, свяці, сонейка: творы беларускага фальклору / укладальнік І.К.Цішчанка. – Мінск : Юнацтва, 1997. — С. 46.