Калісьці ў Прапойску жылі два асілкі — Сцяпан і Марка, а на суседняй вуліцы жыла Кацярына. Абодва асілкі закахаліся ў дзяўчыну.

Сцяпан быў слабейшы, затое любы Кацярыне, а Марка дужэйшы, але нялюбы.

«Як пайду за Сцяпана, дык Марка яго заб’е, — падумала прыгажуня. — Пайду за Марку — шкада Сцяпана…»

Паклікала іх да сябе і сказала:

— Таму стану жонкай, хто далей шпурне камень.

Любаму Сцягіану выбрала камень меншы за стол, а нялюбаму Марку — большы за печ. Дзецюкі не сталі спрачацца: схапілі валуны і шпурнулі за раку.

Пабегла Кацярына глядзець, хто перамог. Залезла на Сцяпанаў камень і пакінула там свае сляды. А потым убачыла, што Маркаў камень ляжыць далей.

Схапілася за галаву, залілася слязьмі:

— Чым з нялюбым жыць, лепш вадою плыць!

I абярнулася на беразе Сажа ў крыніцу. 3 гэтай крыніцы струменіць сіняя-сіняя вада, таму людзі назвалі яе Сінім Калодзежам.

Першы сюды прыйшоў ляснік Шэпіт, які вартаваў свае дзесяціны. Аднойчы ён вяртаўся дахаты і пачуў, як штосьці моцна шуміць.

«Што за праява? — здзівіўся Шэпіт. — Можа, лес крадуць?..»

Прыпусціў ён бягом і ўбачыў каля крыніцы русалку, якая расчэсвала свае доўгія косы.

«Зацураю, каб згінула нячыстая сіла!» — падумаў Шэпіт, але пад лапцем трэснула галінка.

— Гэта ты, Шэпіт?—азірнулася русалка.—Хацеў мяне зацураць, каб я згінула… Дык ведай: будзе патоп на тваю радзіну!

Сказала так і нырнула ў крыніцу. А на трэці дзень у Сажы ўтапілася Шэпітава дачка, якой было дзевятнаццаць гадкоў. [1]

[1] Дзяўчына з замчышча : беларускія легенды і паданні. Кн. 1 / пераказаў Уладзімір Ягоўдзік ; [мастак Д. А. Чарняўская]. — Мінск : Звязда, 2023. — С. 46-48.