Хут — шматаблічны дэман з рысамі хатніка, хлеўніка і «русалчынага брата». Лічылася, што Хут можа мець рознае аблічча, быць жывой істотай і неадушаўлёным прадметам: яго бачылі як малога чалавека, нібы хлопчыка, але ён можа перакінуцца ў розныя рэчы. [2]
[2] Міфалогія беларусаў : энцыклапедычны слоўнік / [складальнікі І. Клімковіч, В. Аўтушка] . — Мінск : Беларусь, 2011. — С. 503.
Хут
У каго пасяліўся Хут, таму ён шчыра спрыяе: прыносіць з чужых палеткаў снапы, адорвае золатам-срэбрам. У поўнач Хута лёгка прыкмеціць на небе. Калі ён ляціць і зіхаціць, значыць, знайшоў нейкі скарб; а калі чуваць лопанне крылаў, тады нясе збожжа. Хута трэба шанаваць і карміць смачнай яечняй. Дбайная гаспадыня, падсмажыўшы яечню, несла патэльню на гарышча і гукала:
— Хут, Хут, хадзі снедаць!
Потым яна спяшалася ў хату, а Хут ласаваўся яечняй. Назаўтра ён шчодра аддзячваў сваім гаспадарам. Хут можа лёгка перакінуцца ў корч або старое кола. Кажуць, быў такі выпадак. Адзін парабак з’еў яечню, якую гаспадыня паставіла каля коміна. Хут страшэнна раззлаваўся: маўляў, паклікала снедаць, а патэльня — пустая. Познім вечарам ён падпаліў хату. Збівалі суседзі пажар, збівалі — не далі рады. Засталіся ад сядзібы толькі галавешкі ды крывое кола пад плотам. Ніхто не здагадаўся, што гэта перакінуўся Хут.
— Навошта яно будзе валяцца! — сказаў сусед і шпурнуў кола на свой падворак.
Назаўтра паплыло да яго багацце, ажно дзівіліся людзі. [3]
[3] Сіні калодзеж. Сто беларускіх легенд і паданняў : зборнік / пераклад У. Ягоўдзік ; [ілюстрацыі Ю. Шаціла ; дызайнер В. Ягоўдзік]. — Мінск : Выдавец М.Ягоўдзік, 2012. — С. 75-76.