Жылі-былі курачка і пеўнік. Курачка яйкі несла, а пеўнік зярняткі здабываў, курачку частаваў. Выграбе з ямкі зярнятка і кліча курачку: 

— Ко-ко-ко, Чубатка, знайшоў зярнятка!

Вось аднойчы выграб пеўнік вялікую бобінку. 

«Ну, — думае, — гэтага зярняці курачцы не праглынуць, з’ем хіба сам». Праглынуў — ды і падавіўся.

Паваліўся пеўнік, ногі задраў і не дыхае.

Падбегла да яго курачка:

— Што з табою, Петрусёк? Чаму ты ляжыш і не дыхаеш?

— Ой, — стогне пеўнік, — бобінкай падавіўся…

— Як жа цябе ратаваць, Петрусёк? — пытаецца курачка.

— Трэба, — шэпча пеўнік, — масла дастаць, горла змазаць.

— А дзе яго дастаць?

— У каровы.

Пабегла курачка да каровы:

— Карова, карова, дай масла!

— Нашто табе масла?

— Пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся…

— Добра, — кажа карова, — дам я табе масла. Але схадзі спярша да касцоў, папрасі сена.

Прыйшла курачка да касцоў:

— Касцы, касцы, дайце сена!

— Нашто табе сена?

— Сена — карове. Карова дасць масла. Масла — пеўніку, бо пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.

Касцы кажуць:

— Схадзі да пекара, папрасі пірагоў. Пірагі мы з’ямо, тады і сена накосім.

Прыйшла курачка да пекара:

— Пекар, пекар, дай пірагоў!

— Нашто табе пірагі?

— Пірагі — касцам. Касцы накосяць сена. Сена — карове. Карова дасць масла. Масла — пеўніку, бо пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.

Пекар кажа:

— Збегай у лес, прынясі дроў, каб было на чым пірагі пячы.

Пабегла курачка ў лес і прынесла дроў. Пекар напёк пірагоў. Занесла курачка пірагі касцам. Касцы з’елі пірагі і накасілі сена. Прынесла курачка сена карове. Карова з’ела сена і дала масла. Пеўнік змазаў маслам горла і праглынуў бобінку. Праглынуў і зноў весела на ўвесь двор заспяваў: 

— Ку-ка-рэ-ку! Чуб-чубатка — малайчына! [1]

[1] 12 месяцаў = 12 месяцев : [казкі] / [укладанне А. Бадака] : Кн. 4 : . — Мінск : Мастацкая літаратура, 2020— Красавік = Апрель. — 2020. — 239 с.