Адна простая жанчына выдала сваю дачку замуж за пана. А пан той быў вельмі ганарысты. Заўсёды хацеў паказаць, што ён за ўсіх разумнейшы.
Вось аднаго разу паехаў пан да той жанчыны ў госці. I кажа свайму слузе: «Я з ёю буду гаварыць не па-нашаму. Спытаецца яна ў цябе, чаму я так гавару. А ты скажы, што я ўжо забыўся па-свойму гаварыць. Толькі па-нямецку магу. А калі я што-небудзь скажу, ты ёй па-нашаму перакладзі».
А пан ніякай нямецкай мовы не ведаў.
Слуга ўсміхнуўся і кажа: «Добра».
Вось прыехалі. Жанчына тая рада. Здароваецца з госцем. А ён: «Вухры-мухры! Вухры-мухры!»
Спалохалася жанчына. Пытаецца ў слугі: «Што гэта з ім зрабілася? Можа, язык зламаў ці захварэў?»
А той адказвае: «Ды гэта ён ужо не помніць па-свойму. Вывучыўся па-нямецку».
Пачала жанчына пра сваю дачку ды пра ўнукаў распытваць. А пан сваё:
«Вухры-мухры! Вухры-мухры!» Тады яна пытаецца: «Можа, абедаць будзеце?»
А ён: «Вухры-мухры! Вухры-мухры!» А слуга перакладае: «Гэта ён кажа, што есці не хоча». Пан злуецца на слугу. I аж крычыць: «Вухры-мухры! Вухры-мухры!» Бо ён вельмі прагаладаўся. А слуга перакладае: «Адыдзіце вы, гаспадынька, ад яго. Бачыце, як гневаецца, што вы сваім абедам дакучаеце».
Гаспадыня са слугою паабедалі, а пан так і застаўся не еўшы.
Увечары зноў гаспадыня пытаецца: «Ці будзеце вячэраць?» А пан: «Вухры-мухры! Вухры-мухры!» Слуга і кажа: «Не хоча пан вячэраць. Кажа, каб далі толькі скарынку хлеба і кубак вады».
Жанчына дала госцю скарынку хлеба ды кубак вады. А сама са слугою павячэрала.
Пан злуецца на слугу, але ўсё ж па-свойму гаварыць не хоча.
Вось пераначавалі. Пан ужо раніцаю збіраецца ад’язджаць.
Жанчына нясе на воз дачцэ і ўнукам розныя гасцінцы. Узрадаваўся пан, што ўсяго шмат і кажа: «Вухры-мухры! Вухры-мухры!» А слуга перакладае: «Нічога не нясіце. Пан не хоча браць. Кажа, каб усё забралі».
Тая жанчына і панесла ўсё назад.
А як выехалі за вёску, накінуўся пан на слугу. Пачаў яго ўсяляк бэсціць, лаяць.
«Я з-за цябе галодным увесь час сядзеў… I дадому нічога не вязу… Навошта ж я сюды прыехаў?»
А слуга адказвае: «А я хіба, паночку, па-нямецку разумею? Я ж думаў, што правільна перакладаю». [1]
[1] 12 месяцаў = 12 месяцев : [казкі] / [укладанне А. Бадака] : Кн. 2 : . — Мінск : Мастацкая літаратура, 2020— Люты = Февраль. — 2020.