Фантастычная істота Бай — герой забаўлянкі ў беларускім дзіцячым фальклоры. Назва гэтага персанажа ўтварылася, відаць, ад абыгрывання слова «бай» з прыпеву калыханкі «баю-бай» альбо дзеяслова загаднай формы «бай», «баў!» — апавядай, расказывай. Адказам на такое патрабаванне было з’яўленне казачнага Бая, што «ішоў па сцяне ў чырвоным жупане, нёс сямёра лапцей: і жане, і сабе, і дзяцёнку па лапцёнку». Заканчвалася забаўлянка пытаннем: «Баіць казку ці не?», — на што гучала патрабаванне: «Бай!» І тады зноў пачыналася ад пачатку: «Ішоў Бай па сцяне…».
«Бай» — узор своеасаблівай адчэпкі, калі на бясконцыя просьбы-патрабаванні дзіцяці баяць басні (казкі) адказвалі кароценькім жартам, каб дзіця адчапілася: «Мама, баў басню!» — «Баўлю, баўлю баёначку, узяў кот даёначку, занёс на гару, паклаў на кару, абнёс каля калёс, а хто слухаў, таму — пшах! — у нос». Атрымаўшы такі адказ, дзіця асцерагалася занадта чапляцца да дарослых з просьбамі апавядаць казкі. [1]
Ішоў Бай па сцяне
У чырвоным жупане.
Ці баіць, ці не? – Баіць.
– І ты кажаш – баіць,
І я кажу – баіць.
Ішоў Бай па сцяне,
Насіў лапці ў кішане,
Ці баіць, ці не? – Не.
– І ты кажаш – не,
І я кажу – не. [2]
Байка для дзяцей, якія безупынна просяць, каб ім расказвалі байкі.
Ішоў Бай па сцяне, у чырвоным каптане,
Сямёра лапцяў пляце, крывую нагу валачэ,
Баіць ці не? – Бай. — І ты кажаш: бай, і я кажу: бай.
Ідзе бай па сцяне, у чырвоным каптане і г. д.
Баіць ці не? — Не. — І ты кажаш: не, і я кажу: не.
Ідзе бай па сцяне і г. д.
У большасці выпадкаў пасля некалькіх паўтораў дзеці пакідаюць Баюна ў спакоі і ідуць гуляць са сваімі цацкамі. [2]